СУ́МЧАТЫЯ ГРЫБЫ́,

(Ascomycota), аддзел грыбоў. 2 кл.: аскаміцэты і эндааскаміцэты. Да С.г. адносяць амаль усе грыбы, што ўваходзяць у склад лішайнікаў. Пашыраны ўсюды. Аскаміцэты падзяляюцца на 3 падкл., маюць каля 20 парадкаў, каля 30 тыс. відаў. На Беларусі больш за 10 парадкаў, каля 200 родаў, каля 500 відаў. Трапляюцца ў глебе і на арган. субстратах. Сапратрофы, раскладаюць расл. і жывёльныя рэшткі, утвараюць плесні на прадуктах харчавання, прамысл. матэрыялах і вырабах. Многія паразіты, узбуджальнікі хвароб жывёл і чалавека (напр., мікозы), раслін (мучністай расы, паршы, плямістасцей і інш.). Ёсць ядомыя (смаржкі, страчкі, труфелі).

Міцэлій галінасты, шматклетачны, складаецца са шмат’ядзерных або аднаядзерных клетак. У некат. С.г. (напр., дражджэй) сапраўдны міцэлій адсутнічае, ёсць толькі асобныя клеткі, здольныя пачкавацца. Размнажэнне вегетатыўнае (часткамі міцэлію), бясполае (канідыямі) і палавое (сумкаспорамі). У выніку палавога працэсу ўтвараюцца сумкі (адсюль назва) у выглядзе мяшочка з адтулінай, звычайна 8-споравыя, аднаклетачныя. У ніжэйшых С.г. сумкі знаходзяцца непасрэдна на міцэліі, у вышэйшых — размешчаны ў пладовых целах (апатэцыях, клейстатэцыях і перытэцыях). У цыкле развіцця многіх С.г. адзначана канідыяльнае споранашэнне, якое мае выгляд плям, бугаркоў, налётаў. Канідыяносцы ўзнікаюць адзіночна, кучкамі або суцэльным слоем на шчыльным спляценні міцэлію ці ў пікнідах. Выкарыстоўваюцца ў сыраварэнні, хлебапячэнні і ў мікрабіял. прам-сці як прадуцэнты ферментаў, антыбіётыкаў і інш.

Літ.:

Стрельская О.Я. Низшие растения. Систематика. Мн., 1985;

Грин Н., Стаут У., Тейлор Д. Биология: Пер. с англ. Т. 1—3. М., 1990;

Мюллер Э., Леффлер В. Микология: Пер. с нем. М., 1995.

С.​І.​Бельская.

т. 15, с. 268

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)